Падарожжа ў старажытны горад Полацк
17.09.2022Пасля праходжання тэмы “Літаратура эпохі Адраджэння” вучням прапанавала паездку ў слаўны горад, каб на месцы ўбачыць і адчуць блізкасць да тых падзей і людзей, якія рабілі гісторыю краіны.
Самым першым аб’ектам стаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, якому ў 2022 годзе прысвоена імя Ефрасінні Полацкай. Тут незабыўнае ўражанне пакінула экспазіцыя “Рэканструкцыя праекта Габрыэля Грубера “Механічная галава”. Старац з рухомымі вачыма і вуснамі, доўгімі сівымі валасамі размаўляў толькі з ветлівымі людзьмі. Пытанні рознага характару і зместу можна было задаць на пяці мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай і лацінскай. Цікавым месцам аказаўся ўнутраны дворык. Тут змешчаны гадзіннік, з-пад ніш цыферблата якога з’яўляюцца фігуры выдатных гістарычных асоб, кожную гадзіну гучыць гімн установы. Наўкола размешчана галерэя карцін, якая не баіцца непагоды.
Затым адправіліся на тэрыторыю Сафійскага сабора, пабачылі незвычайны помнік – Барысаў камень. Тут жа памятны знак: на шчытах, злучаных паміж сабой, адлюстраваны партрэтныя выявы знакамітых асоб – ад полацкага князя Рагвалода і да Ефрасінні Полацкай.
Самым трапяткім і душэўным месцам быў Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр. Дзеці ўважліва слухалі аповед манашкі пра жыццё святой Ефрасінні і былі ўражаны дзівосным цудам, якія адбываліся з людзьмі, якія шчыра маліліся і пакланяліся мошчам святой Ефрасінні Полацкай.
У Музеі беларускага кнігадрукавання можна даведацца ўсё пра кнігу, ад першых скруткаў да сучаснай кнігі. Пазнаёміцца з гісторыяй стварэння пісьменнасці, пісьмовых прылад, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі. Убачыць друкарскі станок, папяровы прэс, прылады для ліста, пісала і канчаючы сучаснымі аўтаручкамі. Ён з’яўляецца адзіным у Беларусі музеем такога тыпу. Тут размешчана экспазіцыя майстэрні перапісчыка кніг, скрыпторыя, дзе можна ўбачыць манаха з гусіным пяром у руцэ.
Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага знаходзіцца тут жа. Аформлены ў стылі заходне-еўрапейскай бібліятэкі 17-18 стст. Чытальная зала (10 месцаў) сярод бюстаў вялікіх вучоных і філосафаў. А пасярэдзіне залы – самы вялікі глобус у Беларусі.
Перад ад’ездам пагулялі па горадзе. Знайшлі цэнтр Еўропы. У будынку паштовага аддзялення можна атрымаць сапраўдны сертыфікат, які зацвердзіць, што сапраўды пабывалі ў сэрцы Еўропы. Пабачылі помнікі Ф.Скарыне, С. Полацкаму і, безумоўна, помнік літары “Ў”.
Сабралiся ў аўтобусе, крануліся з месца і наступіла маўчанне… Магчыма ў вучняў, як і ў мяне, у душы з’явіўся гонар. Мы крочылі па тых вузенькіх вулачках, каменьчыках, па якіх некалькі стагоддзяў ішлі Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі…
Тэкст - Аксёнова А.А.