Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2023
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.


Свята, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, падтрымку нацыянальных моў і культур, захаванне нацыянальнай адметнасці і самабытнасці, забеспячэнне права кожнага чалавека карыстацца роднай мовай і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

Лютаўская дата была абрана як даніна памяці падзеям 1952 года, калі ў сталіцы Бангладэш ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты – удзельнікі дэманстрацыі ў абарону роднай мовы. Студэнты патрабавалі прызнаць мову бенгалі адной з дзяржаўных моў краіны.

У лютым 2000 года Генеральная асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, падкрэсліўшы важнасць культурнай і моўнай разнастайнасці, падтрымала рашэнне ЮНЕСКА аб абвяшчэнні Міжнароднага дня роднай мовы і заклікала ўсе дзяржавы спрыяць абароне і захаванню моў народаў свету.

На сёняшні дзень у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў, але, па данных ЮНЕСКА, ў бліжэйшы час 43 % з іх можа знікнуць, страціўшы апошніх носьбітаў. Паводле праведзеных даследаванняў кожныя два тыдні знікае адна мова, забіраючы з сабой непаўторную культурную спадчыну.

Рэспубліка Беларусь – поліэтнічная дзяржава. У нашай краіне пражываюць больш за 140 народнасцей, і ў любога іх прадстаўніка ёсць магчымасць карыстацца роднай мовай. Больш таго, дзяржава стварае ўмовы для навучання ў краіне на розных нацыянальных мовах.

Для большасці жыхароў Рэспублікі Беларусь роднай з’яўляецца беларуская мова. Таму ў краіне праводзіцца паслядоўная палітыка па яе падтрымцы і развіцці.

📍НЕКАЛЬКІ ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ📍

Дыялектная мова багацейшая за літаратурную
Слоўнік літаратурнай беларускай мовы налічвае прыкладна 250 000—500 000 слоў. У дыялектнай мове (гэта агульная назва для гаворак людзей у пэўным рэгіёне) — каля 1,5−2 мільёны слоў.

Толькі ў беларускай мове ёсць літара Ў
Гэта адметнасць беларускай мовы ўвасоблена ў помніку, які знаходзіцца ў Полацку. Над скульптурай працаваў мастак і дызайнер Ігар Куржалаў. На помніку выбітыя радкі з верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».

Паводле ЮНЕСКА, наша мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай.

Згодна з данымі апошняга перапісу насельніцтва, носьбітамі беларускай мовы ў краіне з’яўляюцца каля 6 340 000 яе жыхароў. Па гэтым крытэрыі наша мова займае 69 месца ў сусветным рэйтынгу.

Венгерскі матэматык і лінгвіст Андраш Корнай апублікаваў у 2013 годзе навуковую працу «Лічбавая смерць моў». Ён вывучаў тыя сусветныя мовы, якія знаходзяцца пад пагрозай вымірання ў інтэрнэце і ў электронных прыладах. Беларускую мову вучоны аднёс да ліку бясспрэчна жывых.


 

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Сярэдняя школа №46 г. Віцебска імя І.Х. Баграмяна не стала выключэннем.

Вучні 9 "Е" класа (настаўнік Іспянькова В.В.) падрыхтавалі і правялі пазакласнае мерапрыемства ў 3 "Г" класе (настаўнік Шарамет В.А.). Яны пазнаёмілі малодшых школьнікаў з народнымі загадкамі аб роднай прыродзе, жывёлах і раслінах, якія ўнесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

А працаздольнасць трэцякласнікаў была адноўлена з дапамогай запальнай фізкультхвілінкі пад песню "Бульба-Дэнс".