Зберагчы духоўнае святло. Педагогі Віцебшчыны — у ліку пераможцаў конкурсу «Серафімаўскі настаўнік»

11.10.2023




Міжнародны педагагічны конкурс “Серафімаўскі настаўнік” аб’яднаў больш за тысячу ўдзельнікаў з 64 расійскіх рэгіёнаў, Віцебскай і Гомельскай абласцей, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сярод іх метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Першамайскага раёна Віцебска Марына Полагава і дырэктар сярэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна Ірына Астапенка. Абедзве ў сваіх конкурсных намінацыях увайшлі ў лік пераможцаў і адзначаны заахвочвальнымі прызамі. Урачыс­тая цырымонія ўзнагароджання адбылася ў рамках традыцыйнай канферэнцыі “Спадчына прападобнага Серафіма Сароўскага і праблемы духоўна-маральнага выхавання” ў Свята-Троіцкім Серафіма-Дзівееўскім манастыры.

— На конкурс я прадставіла вынікі работы нашай школы ў абласным творчым праекце, накіраваным на фарміраванне духоўна-маральных і патрыятычных якасцей навучэнцаў праз вывучэнне праваслаўнай культуры, традыцый беларускага народа, гісторыі малой ра­дзімы, — адзначыла Ірына Астапенка. — Некалькі дзён мы знаходзіліся на тэрыторыі манастыра, працавалі ў секцыях па напрамках. Таксама азнаёміліся з гісторыяй Ніжняга Ноўгарада і Арзамаса, арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў праваслаўнай гімназіі, дзе сустрэліся з педагогамі і пагутарылі з вучнямі. Удзельнічалі ў канферэнцыі ўпершыню. Атрымалі каштоўны вопыт, абмяняліся з калегамі эфектыўнымі напрацоўкамі, наладзілі шэраг перспектыўных кантактаў. Такія мерапрыемствы заўсёды ўзбагачаюць у духоўным і прафесійным плане, матывуюць да асобаснага росту, ажыццяўлення новых ідэй і педагагічнага пошуку.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота з асабістага архіва Ірыны Астапенка